vendredi 2 novembre 2012

Летняе вітанне / Salutations de l'été

Жнівеньскае прывітанне: маленькія торбачкі.Магчыма, у гаспадарцы яны без асаблівае патрэбы, але асталяваліся на варэнай і прыдаліся. Галоўнае, вядома, яблыкі!



mercredi 17 octobre 2012

Для сястры / Pour ma soeur

Рабіць сабачыя аброжкі  мяне натхніла сястра. Рабіць брошкі мяне таксама спакусіла сястра. Вязаныя, шытыя, вышываныя, з пацеркамі і шклянымі перламі. Застаецца прыдумаць нешта цікавоцкае для сястры. На сёння самая адметная - кветачка з паабшыванымі пялёсткамі. А заўтра буду думаць...


P.S. Пад скаротам (plus d'info)- больш сціплыя аздобы для яе. А сястра - малодшая!


dimanche 14 octobre 2012

Трэці шлях / La troisième voie

Спадарыня Ірына Варабей - празаік, журналістка, перакладчыца, майстрыха-дызайнер, фатограф, аўтарка адметных мадэляў на падставе беларускіх традыцыйных матываў ды вобразаў, а таксама і перадусім наша шчырая сяброўка па захапленні. Праз яго Ірына распачала сваю дызайнерскую дзейнасць у Таронта, а таксама вытворчасць паводле ўласных распрацовак пад брэндам  Spirit of Belarus.

З дазволу Ірыны пад скаротам (plus d'info) падаю яе адметны матэрыял пра наша нацыянальнае гафцярства (вышыванне).

 

samedi 13 octobre 2012

З сабакам / Avec un chien

Адклад ня йдзе ў лад. Але... адкладаем. У выніку праз славутае "потым-потым" добрыя  рэчы гадамі вандруюць па паліцах. А патрэбны найсціплы штуршок -  часу, моды ці чаго-небудзь, каб скончыць, надзець (апрануць) і мець!


Мадэль швэдра ўзятая з часопіса "Verena" дзевяностых (!) гадоў. Вязана пруткамі з бавоўны так званай інтарсійнай тэхнікай. Сабака цалкам вышываны па вочках. У дызайнера над вязанай паненкай  парасон, але тады мой швэдар атрымліваўся задужа доўгі. Парасон прынцыпова пакінуты - на спіне.


lundi 24 septembre 2012

Абпаленыя пялёсткі / Pétales brûlés

Толькі што было цёпла, а робіцца халодна. Толькі што было вольна (ну, амаль што), а сёння трэба...  заўтра трэба... дужа трэба!  Чым парадаваць паненку па вакацыях?


Брошка з абпаленымі пялёсткамі - літаральна, свечкаю, - даўнавата ўжо вабіла нас з пляменніцай. Дануся запасіла шкляныя перлы, я шукала прыдатную тканіну. Ва ўласнай адзежнай шафе (!) трапіліся яркія і дужа каляныя хусцінкі. З першай знойдзенай зрабіла акрасы абедзьвюм.

Такім чынам, задзейнічаныя поліэстэр, шкляныя перлы і металічная шпілька.

lundi 17 septembre 2012

Суперкоткі / Superchattes

22-23  верасня прытулак "Суперкот" ладзіць сустрэчу з прыхільнікамі і зацікаўленымі асобамі на выставе "Фелінолаг" у Палацы мастацтва  (вул.Казлова, 3). Месца дзеяння - горад Мінск.

22-23  верасня "Суперпёс" чакае сваіх упадабанцаў на НВЦ БЕЛЭКСПО (вул. Янкі Купалы 27) на штогадовым  "Догшоу -Осень с Pets.by".


Перш як надзець аброжак на ката альбо на сабаку, трэба яго выпрабаваць... на сабе. Выпрабаванні ладзіліся на адной з вераснёўскіх кашэчых выстаў і, як бачыце, суперкоткі засталіся задаволеныя.

Прынамсі сваю задачу на выставах аброжкі выконваюць: выдатна глядзяцца на паненках валанцёрках і заўважныя здаля, выгляд маюць ахайны ды свойскі.  А пра чарговыя асобнікі аброжкаў я пачула паважлівае - "аўтарскія"!





Для выставы 22-23 верасня стварылася  невялікая клумба  - на шыі і на грудзі, бо вялікія квяты на здымках - гэта брошкі да пАры аброжкам. Ужываная бавоўна (нямецкая ды турэцкая ), пластмасавыя пацеркі, блочкі дыяметру 4 мм, спражкі.

Калі камусьці таксама захочацца зрабіць рукадзельны падарунак суперкоткам ды іхнім гадаванцам, - прашу перайсці на форум "Суперката" і напісаць пра гэта проста!

jeudi 13 septembre 2012

Каляндар: працяг / Calendrier: а suivre

Мая летняя справаздача спазнілася, затое травень-чэрвень-ліпень-жнівень можна агледзець за адным разам.


Вядомыя выявы ад Lizzie Kate: сям-там зменены колеры - цямнейшыя на святлейшыя, асабліва ў ліпені. У мяне ліпень мусіць атрымацца дужа гарачым, вельмі празрыстым і ў адценнях мяты. Літаральную ліпеньскую волю ад дызайнера (надпіс "воля") памяняла на волю метафарычную, якую ўвасобіў дзьмухавец ад Галіны-Yoho.

dimanche 9 septembre 2012

Пялёсткі шадэлкам / Pétales au crochet

Што можна зрабіць за адзін вольны дзень - хітра, мудра, невялікім коштам?

Звязаць брошку, якую даўно нагледзела: дзевяць вялікіх пялёсткаў, дзевяць меньшых пялёсткаў, сяродавік, тыл (адваротны бок) - ён мусібыць падвоены, бо ўсярэдзіне хаваюцца хвасты  нітак і вузельчыкі...


У выніку пялёсткі і сярэдзінка з пацеркай паўсталі вокамгненна, а каб давесці працу да ладу (перапрашаю, сабраць да кучы), давялося чакаць наступнага вольнага дня!

Дыяметр кветкі - крыху больш за 8 см. Ужываныя рэшткі віскозы з бавоўнаю (стракатая фасонная нітка) і шадэлак нумар 2, 5.


lundi 3 septembre 2012

Карабцы / Вoîtes

Каляжанкі па захапленнях папярэджвалі: услед за першым карабцом з'явіцца другі, спатрэбіцца трэці, папросіцца наступны...

Спачатку   –  на падставе квадрату.  Адзін і другі, большы і меньшы.  Потым  – на падставе кругу. Адзін і другі, меньшы і большы. 



Для кавалкаў тканіны, кравецкіх дадаткаў, ліновак, маленькіх гафцікаў, большых гафтаў, нітак...

Паўстае карабечы набор і высвятляецца, што хопіць яго на самую неістотную частку скарбаў. Затое як зручна цяпер з ёю працаваць!

mardi 28 août 2012

Карабец / Вoîte

Медзьвядкі дызайнера Maria Diaz з часопіса "Вышиваю крестиком" паўсталі на сынаву замову. Колеры мядзьведзькавых футраў я старанна падбірала пад кравецкія дадаткі ягонага пакою... каб крыху спагадзя вырашыць: сцянною аздобаю ім не быць. Мінула колькі часу  - адшукалася тканіна пад медзьвядкоў  і  майстар-клас Таццяны ("Вечерние посиделки") пра карабец.


"А, карабец, - мовіў сын, - давай, шый і мне таксама!"  Не ўяўляю, якія скарбы сын збіраецца ў ім захоўваць, капмутарнае жалеззе альбо шкарпэткі, але медзьвядкі ўжо пры справе. І гэта - галоўнае.

mercredi 22 août 2012

Для сабак / Pour les chiens

Штораніцы за каваю я выслухваю сабачыя і кашэчыя гісторыі, бо мая сястра дапамагае валанцёрам, якія ратуюць катоў і сабак: збіраюць па вуліцах, мыюць, лекуюць, аддаюць у добрыя рукі. Каб рукі дабрэлі і жывёліна падабалася, псіхолаг параіў даць спажыву чалавечым вачам. На гэта нейкая рукадзельніца паабяцала зрабіць для жывёл  аздобы - хатнія, утульныя...


Пакуль яна занятая, я з рэштак бавоўны хуценька звязала колькі аброжкаў, а для здымкі на ролю жывёліны з прытулку ўзяла таксу Бусю, нашага хатняга ўлюбёнца і пястунчыка. Па-беларуску граматычны род сабакі  - мужчынскі, таму нікога не здзіўляе, што Буся, як ўзорны сямейнік, адгукаецца і на Бусліка


Для аброжкаў скарыстаныя металічныя спражкі і блочкі. Шадэлкі №№ 3,5; 3; 2,5. Бавоўна нямецкая і турэцкая.

Як паставіліся да маёй самадзейнасці валанцёры, я пакуль не ведаю. Затое ведаю,  што ў мінскіх прытулках  СУПЕРКОТ и СУПЕРПЁС жывуць выхаваныя, чысцюткія і здаровыя жывёлы. Давайце дапаможам будучым гаспадарам УБАЧЫЦЬ, што яны - не заразныя бяздомнікі-валацугі, а ўлюбёныя і дагледжаныя сябры. А сябры  вельмі хочуць у сям'ю...

vendredi 17 août 2012

Дзіркі ў тканіне / Les trous dans le tissu

Я доўга заглядалася на так званыя блочкі - аблямаваныя металам адтуліны. Аж пакуль   прыстасовы для іх ўтварэння не трапілі да мяне ў рукі. Натуральна, проста псаваць тканіну не выпадала, таму з'явіліся торбачкі-мяшэчкі з рэштак тканіны і з куплёнымі карункамі.


Дыяметр маіх адтулінак - 4 мм. Нават самая дробная ангельская булавачка ў іх не залезла і таму шнуркі давялося ўцягваць іголкай.


dimanche 12 août 2012

Як бабуля / Comme ma grand-mère

Гафт і карункавая аблямоўка шадэлкам - найпростыя. Тэма - нібыта марская. Жаданне - каб было як  у бабці. Было...


Настрою вымагае лён у драбнюткія бела-зялёныя краткі.  З яго калісьці  былі ўтвораны калядныя (!) аздобы для пакою, але спадабалася настолькі, што з'явіўся наступны варыянт  - летнія фіранкі ды абрус, а  белая сурвэтка - як прыемны дадатак. Таксама з лёну.

Лён я люблю прагавіта й неспатольна...