dimanche 22 août 2021

З сапраўдным смакам/Avec un vrai goût

"Са смакам солі, ветра й сонца" -- сёлетняя марская серыя РТО. Дызайнер -- Екатерина Костыгова.Усе прапановы памерам 9,5 х 14 см. Гэты ветразнік на тле маяка зашываецца цалкам і мае аблямоўку фарнай вежы і судновага такелажу. Не самая прыемная частка працы. На свежай рабоце ўсё выдатна і роўненька, але варта было памыць (плямы ад пяльцаў, натуральна)!.. 

Пытанне рубам: што цяпер з гэтай прыгажосцю рабіць? Яна не прадмет мастацтва, але і ўжытковасцю не вылучаецца (хоць бы таму, што ўжытковае трэба мыць, а доўгія выкладныя ніткі правісаюць пад цяжарам вады). Пад шкло і на сцяну? Мой сын настойвае на такім абыходку з кожнай вышыванай работай, але здаволена спіць на вышываных падушках і карыстаецца вышыванымі карабцамі. Буду думаць. 


 

samedi 21 août 2021

Макі Тасканы/Coquelicots de Toscane

Ідылічны краявід мае назоў "Таскана". Месца, адкуль пайшло італьянскае Адраджэнне, дзе царуе сонца, вядуць рэй вінаграднікі і макі.  

Даўнейшая еўрапейская сімволіка сведчыць пра мак, як пра кветку сну і смерці, у найноўшай макі  нагадваюць пра "ніколі зноў": не забудзем, не даруем, не дамо паўтарыць -- пасля верша канадскага ваеннага доктара Джона Макрэя "На палях Фландрыі", напісанага ў 1915 годзе пад уражаннем смерці сябра. Гэта -- Першая Сусветная вайна. З 2014 года да макавай сімволікі далучылася Украіна. У Беларусі пакуль што можна  хіба прачытаць -- пра знішчэнне гектараў макавых палёў.