lundi 23 avril 2012

Паводле Lizzie Kate / D'après Lizzie Kate

Вялікая праца вясновага абнаўлення вымагае перапынкаў. Пад час перапынкаў з'яўляюцца працы маленькія. А пад час маленькіх веснавых прац нават зімовыя матывы набываюць вясновае гучанне. Ці пазнае Лінда, дызайнер Lizzie Kate, сваю каляндарную студзеньскую авечку ўзору 2003 года?



Брошка на падставе значкі, крыжыкі , шкляныя перлы (Чэхія) і стужачка ў бубкі цёмна-карычневага колеру. Дыяметр брошкі са стужачкай - 5 см, без - 4 см.

vendredi 13 avril 2012

Радасны Вялікдзень-2 / Joyeuses Pâques-2

Вялікая сурвэтка (альбо напэрон, сурвэт і нават настольнік, як яго толькі не называлі!) - гэтаксама рэч  сямейная, паходжаннем з 1990-х. У часопісе "Sandra", перакладзеным на польскую з нямецкай, хораша друкаваным і прывезеным з Вільні,  знайшліся гэтыя шакаладныя зайчыкі да Вялікадня. Менавіта зайчыкаў захацелі бачыць сямейнікі  на свята.



dimanche 8 avril 2012

Радасны Вялікдзень / Joyeuses Pâques

Да адных свята Вялікадня набліжаецца. Да іншых яно ўжо прыйшло. Я святкую яго сёння. А гэтая сурвэтка ўпрыгожвае наша свята з 1990-х гадоў. Сурвэтка - адна з маіх насампершых спробаў змастачыць нешта шадэлкам. Дарэчы, шадэлкам  № 2, 5 (!). Ніткі? Якія знайшліся ў бліжэйшай крамцы. Ці вялікі тады быў выбар на нашых абшарах?


Сакавік і красавік у каляндар / Mars et аvril pour le calendrier

Сакавік і красавік для календару паўсталі разам. Сакавік, як бачыце,  файна адрэдагавала Галіна-Yoho  у блогу "Крестики без ноликов" : з неба (з даху?) кропліць, паненка ўжо з кветкамі, ад Lizzie Kate зберагліся птушачкі на галінках. Дзякую Галіне і спадзяюся, што прага ўдасканалення яе не пакіне. А я ўжо падтрымаю (як выканаўца)!



Паводле задумы часткі красавіку давялося памяняць месцамі, але, здаецца, гэта нічога не сапсавала. Творчае стаўленне - гэта наша ўсё!

lundi 2 avril 2012

Дрэва з птушкамі / L'arbre aux oiseaux

Гэтая прыгажосць ад французскага дызайнера Danielle Gouriou-Curie ( яе вытворчасць Couleurs Croisées ) мае менавіта такі назоў: "L'arbre aux oiseaux" ("Дрэва з птушкамі").  




Дужа нагадвае бабціны ручнікі і сурвэткі, праўда? Існуе меркаване, што складнікі шмат якіх нацыянальных арнаментаў падобныя адзін на аднаго як блізняты, але часам маюць розны сэнс... Маё дрэва з птушкамі паўстала на баранавіцкай канве (лён з бавоўнаю) з дапамогай звыклых піцерскіх нітак.