lundi 24 septembre 2012

Абпаленыя пялёсткі / Pétales brûlés

Толькі што было цёпла, а робіцца халодна. Толькі што было вольна (ну, амаль што), а сёння трэба...  заўтра трэба... дужа трэба!  Чым парадаваць паненку па вакацыях?


Брошка з абпаленымі пялёсткамі - літаральна, свечкаю, - даўнавата ўжо вабіла нас з пляменніцай. Дануся запасіла шкляныя перлы, я шукала прыдатную тканіну. Ва ўласнай адзежнай шафе (!) трапіліся яркія і дужа каляныя хусцінкі. З першай знойдзенай зрабіла акрасы абедзьвюм.

Такім чынам, задзейнічаныя поліэстэр, шкляныя перлы і металічная шпілька.

lundi 17 septembre 2012

Суперкоткі / Superchattes

22-23  верасня прытулак "Суперкот" ладзіць сустрэчу з прыхільнікамі і зацікаўленымі асобамі на выставе "Фелінолаг" у Палацы мастацтва  (вул.Казлова, 3). Месца дзеяння - горад Мінск.

22-23  верасня "Суперпёс" чакае сваіх упадабанцаў на НВЦ БЕЛЭКСПО (вул. Янкі Купалы 27) на штогадовым  "Догшоу -Осень с Pets.by".


Перш як надзець аброжак на ката альбо на сабаку, трэба яго выпрабаваць... на сабе. Выпрабаванні ладзіліся на адной з вераснёўскіх кашэчых выстаў і, як бачыце, суперкоткі засталіся задаволеныя.

Прынамсі сваю задачу на выставах аброжкі выконваюць: выдатна глядзяцца на паненках валанцёрках і заўважныя здаля, выгляд маюць ахайны ды свойскі.  А пра чарговыя асобнікі аброжкаў я пачула паважлівае - "аўтарскія"!





Для выставы 22-23 верасня стварылася  невялікая клумба  - на шыі і на грудзі, бо вялікія квяты на здымках - гэта брошкі да пАры аброжкам. Ужываная бавоўна (нямецкая ды турэцкая ), пластмасавыя пацеркі, блочкі дыяметру 4 мм, спражкі.

Калі камусьці таксама захочацца зрабіць рукадзельны падарунак суперкоткам ды іхнім гадаванцам, - прашу перайсці на форум "Суперката" і напісаць пра гэта проста!

jeudi 13 septembre 2012

Каляндар: працяг / Calendrier: а suivre

Мая летняя справаздача спазнілася, затое травень-чэрвень-ліпень-жнівень можна агледзець за адным разам.


Вядомыя выявы ад Lizzie Kate: сям-там зменены колеры - цямнейшыя на святлейшыя, асабліва ў ліпені. У мяне ліпень мусіць атрымацца дужа гарачым, вельмі празрыстым і ў адценнях мяты. Літаральную ліпеньскую волю ад дызайнера (надпіс "воля") памяняла на волю метафарычную, якую ўвасобіў дзьмухавец ад Галіны-Yoho.

dimanche 9 septembre 2012

Пялёсткі шадэлкам / Pétales au crochet

Што можна зрабіць за адзін вольны дзень - хітра, мудра, невялікім коштам?

Звязаць брошку, якую даўно нагледзела: дзевяць вялікіх пялёсткаў, дзевяць меньшых пялёсткаў, сяродавік, тыл (адваротны бок) - ён мусібыць падвоены, бо ўсярэдзіне хаваюцца хвасты  нітак і вузельчыкі...


У выніку пялёсткі і сярэдзінка з пацеркай паўсталі вокамгненна, а каб давесці працу да ладу (перапрашаю, сабраць да кучы), давялося чакаць наступнага вольнага дня!

Дыяметр кветкі - крыху больш за 8 см. Ужываныя рэшткі віскозы з бавоўнаю (стракатая фасонная нітка) і шадэлак нумар 2, 5.


lundi 3 septembre 2012

Карабцы / Вoîtes

Каляжанкі па захапленнях папярэджвалі: услед за першым карабцом з'явіцца другі, спатрэбіцца трэці, папросіцца наступны...

Спачатку    на падставе квадрату.  Адзін і другі, большы і меньшы.  Потым   на падставе кругу. Адзін і другі, меньшы і большы. 



Для кавалкаў тканіны, кравецкіх дадаткаў, ліновак, маленькіх гафцікаў, большых гафтаў, нітак...

Паўстае карабечы набор і высвятляецца, што хопіць яго на самую неістотную частку скарбаў. Затое як зручна цяпер з ёю працаваць!