dimanche 14 octobre 2012

Трэці шлях / La troisième voie

Спадарыня Ірына Варабей - празаік, журналістка, перакладчыца, майстрыха-дызайнер, фатограф, аўтарка адметных мадэляў на падставе беларускіх традыцыйных матываў ды вобразаў, а таксама і перадусім наша шчырая сяброўка па захапленні. Праз яго Ірына распачала сваю дызайнерскую дзейнасць у Таронта, а таксама вытворчасць паводле ўласных распрацовак пад брэндам  Spirit of Belarus.

З дазволу Ірыны пад скаротам (plus d'info) падаю яе адметны матэрыял пра наша нацыянальнае гафцярства (вышыванне).

 

Трэці шлях

...Калі хочаш нечага папрасіць у Бога -- маеш розныя шляхі да Яго. Па-першае, можаш схадзіць у царкву ды памаліцца. Па-другое, можаш запаліць грамнічную сьвечку; і пакуль агонь гарыць -- маеш час для звароту да Яго... Але ёсьць яшчэ адзін шлях. Наш пракаветны, з даўняе даўніны. Складзі свой ліст да Яго. Не, ня літарамі і не алоўкам. Вазьмі голку з ніткай - і вышый. А замест словаў -- узоры. Усё пра ўсё у тых узорах ёсьць... "

Гэтак некалі прыгаворвала мая бабуля, калі навучала мяне складаць з вышываных крыжыкаў ды ромбікаў узоры, а з узораў -- свае лісты да Бога і гэткім магічным чынам наладжваць сваю повязь з духовым сусьветам.

А можа, і не мая бабка... А можа, і ня мне... Можа, маёй бабцы ейная бабка, калі тая яшчэ была маленькай... А можа, іншая бабка ды ў іншае стагодзьдзе... Можа, гэткім чынам мільёны нашых бабак з века ў век перадавалі наступным пакаленьням сваю няхітрую мудрасьць.

Беларусы -- адзіная нацыя ў Эўропе, якая захавала старажытнае сымбалічнае пісьмо, пераклаўшы яго ў вышывальныя арнаменты. Сымбалі, захаваныя ў беларускіх вышыванках, былі агульнымі для эўрапейскага супольніцтва (падобныя ўзоры сустракаюцца і на Ўсходзе і нават на амерыканскім кантыненце), але адно беларусы помняць, што яны азначаюць. З пакаленьня ў пакаленьне, праз веру ў тое, што вышыўка ёсьць магічнай дзеяй, што вышываныя ўзоры -- гэта нашыя лісты ў духовы сусьвет, яны перадавалі значэньне старажытных сымбаляў...

Беларусы ўважаюць сябе за вышывальніцкую нацыю. І па праву ганарацца сваімі вышывальнымі здабыткамі перад ўсім сьветам. Вышыўка адыграла такую важкую ролю як у матэрыяльным, гэтак і ў духоўным развіцьці нацыі, што сталася нават брэндам нашае культуры, адметнасьць якога не змаглі зьняважыць нават камуністычныя ўлады, знайшоўшы яму месца на дзяржаўным беларускім сьцягу.

І як гэта ні парадаксальна, але сучасныя беларусы ганарацца сваім брэндам, дзеля якога так шчодра напрацавалі продкі, самі ж для ягонага разьвіцьця нічога ня робячы. Беларуская вышыўка неаглядна адстала ў той частцы ўсясьветнага выяўленчага мастацтва, якім сёньня зьяўляецца сучаснае рукадзельле. Я гэта кажу, бо, знаходзячыся тут, на амерыканскім кантыненьце, які можна лічыць цэнтрам сучаснага вышывальнага мастацтва, бачу, якога ўзроўня дасягнула гэтая справа тут. Гэта ня толькі майстэрства ды разнастайнасьць саміх работ. Я па-добраму зайздрошчу дзейнасьці Амерыканскай ды Канадыйскай асацыяцый вышывальніц: у іх і гільдыі, і семінары, і фестывалі, конкурсы, часопісы, вэб-сайты, майстар-класы, (дабаўлю яшчэ і Каралеўскі цэнтар вышыўкі ў Англіі са сваім Каледжам і прыдворнымі вышывальніцамі), інфармацыйныя банкі стыляў і тэхнік з усяго сьвету -- і у рэшце рэшт, якое багатае й цікавае творчае жыцьцё ў тутэйшых вышывальніц! Тым больш, што для занятку вышыўкай ня трэба спецыяльнага таленту -- якое ж гэта дэмакратычнае мастацтва, самы просты спосаб рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў! -- любая аматарка можа худа-ладна вышыць для сябе, калі не хапае здольнасьці на прыдумваньне, любы узор па схемах, распрацаваных для ейных паслуг шчодрымі дызайнерамі.

Я гэтак жа, як і ўсе, некалі пачынала вышываць па чужых схемах. Аж пакуль мяне як беларуску не зачапіў той факт, што сярод незьлічоных схемаў у крамах між віктарыянскіх, індзейскіх, афрыканскіх, кітайскіх, японскіх, нават расейскіх і шмат іншых матываў няма толькі беларускіх. А што ж павышываць беларуске? Дзе яны -- лёгка-пазнавальныя беларускія матывы, распрацаваныя для вышыўкі майстэрскай рукой сучаснай дызайнеркі? Такія, каб любая Дональдзіха-Макдональдзіха ў краме магла ледзь кінуўшы вокам сказаць: "А, ведаю... гэта – беларускае", і зрэшты набыць яго, спакусіўшыся на цікавую наватарскую тэхніку.

Дый а якія яны -- беларускія матывы наагул?

Тут, напэўна, я мушу зрабіць невялічкі адступ, каб удакладніць сваю думку ангельскім словам імідж. Вы пагодзіцеся сам мной, што для кожнае краіны (культуры, этнаса) склаўся ў сьвеце вобразна-мастацкі імідж. Вось глядзіце. Што на розум прыходзіць чалавеку, калі чуе слова “Японія”? Пэўна ж, галінку сакуры, дзяўчыну з веерам ў даўгаполым капялюшы, дліннай квятастай сукенцы. Нехта ўзгадае маляванкі баціка, нехта – яшчэ вершы хоку. А пры слове – “Перу”? Ага: шчымлівую мелёдыю, вялізнае пончо, і яшчэ больш шырачэзны капялюш. Пры слове “Кітай” памяць кожнага абпальваюць чырвона-залатыя цмокі. Прыклады можна прыводзіць столькі доўга, колькі ў сьвеце набярэцца краін.

Дык а што ж Беларусь? Што ва ўсім сьвеце людзі згадваюць пры слове Беларусь? ...Мы, эмігранты, вельмі добра ведаем, што... Так-так, Беларусь згубілася недзе на прасторах неагляднай Эўропы -- маленькая невядомая краіна памерам з метраполію Англію з загадкавай культурай, векам са старажытную індускую...

Сорамна прызнацца, але, пэўна, гэта і добра, што на амерыканскім кантыненьце ўсё яшчэ ня ведаюць, якая такая вышывальніцкая нацыя са сваім ганаровым брэндам існуе ў сьвеце. Бо ў іншым выпадку нам давядзецца прадставіць на пахвальбу свае дасягненьні -- павыцягваем з куфраў прабабкіны "крыжыкі" ды "гладзі"... і што ж? ...А нам скажуць: "Та цю-у-у.... крыжыкі мы ўжо бачылі, гэтак яшчэ нашыя бабці вышывалі. Пакажыце, што ў вас новенькага. Мо ў вас новае "баргела" ёсьць? А мо ў "белым-па-белым" якась па-хітраму дзіркі робіце? А мо завітастыя якісь швы ў "чорным-па-белым" маеце? Што ў вас адметнага? Дзе вашыя сучасныя творы?"

Бадай, я тут мушу зноў адступіцца ды зрабіць-такі ніжэйшы паклон нашым прабабкам. Ведалі, ці ня ведалі яны, які знакавы закід у будучыню зрабілі яны, гэтак упарта зьберагаючы вышываньнем старажытнае сымбалічнае пісьмо ды назапасіўшы ім тыя куфры, каб была патомкам нагода вышывальніцкай нацыяй звацца. Здаецца, праўда, маркотна зараз іхным душам у нябёсах глядзець на тое, як мы іхную традыцыю ўзялі раптам ды кінулі. Але гэтае рунічнае пісьмо, захаванае ў па-мастацку гарманічных арнаментах рукамі простых сялянак, -- і можа стацца тым адметным, што мы можам выкарыстаць для стварэньня ўстойлівага, лёгка-пазнавальнага беларускага іміджа.

Вышывальніцкі сьвет даўно ўжо перажыў выдаткі "навуковага й тэхнічнага ХХ стагодзьдзя", што моцна быў ляпнуў па руках рукадзельніц сваім прагрэсам. Рукадзельніцы Захаду, зьяднаўшыся і разам захаваўшы адданасьць любімаму занятку, узроўнем свайго майстэрства, віртуознасьцю тэхнік, разнастайнасьцю ды прагажосьцю сваіх работ далёка пераасягнулі машынную вытворчасьць, давёўшы права вышываньню (ды й іншым відам рукадзельля) заняць пачэснае месца сярод ужо не рамёстваў, але -- высокага мастацтва.

Мае работы -- гэта толькі спроба правесьці першую выведку ў гэтым моры сучаснага вышывальнага мастацтва, улучыць у яго беларускую адметнасьць, каб сьвет яе заўважыў, ацаніў, прыняў у сваю супольнасьць. Я ведаю, што за мной прыдуць іншыя, больш таленавітыя, творчыя, маладыя й дзёрзкія -- і давядуць сьвету, што вышывальніцкая Беларусь жыве! Ёй ёсьць што паказаць: цудоўныя па прыгажосьці, фантастычныя па складанасьці, мудрагелістыя ды загадкавыя, і ў той жа час асьвечаныя ўсім духоўным жыцьцём нашых продкаў -- нашыя беларускія арнаменты. Тут бязьмежнае поле для дасьледаваньняў навукоўцам, а нам, майстрыхам (і майстрам :) -- для натхненьня ды рэалізацыі сваіх творчых памкненьняў. Давайце падымем наш брэнд так высока, каб яго сапраўды было відаць адусюль.

Я ўжо пачала.

Ірына Варабей (Iryna Varabei)

Toronto, 2009

12 commentaires:

  1. просто супер! я очень не равнодушна к таким вещам - к национальному, традициям! спасибо за фото и огромное уважение человеку, который верен традициям!

    RépondreSupprimer
  2. Вот оно откуда)) все приметы в вышивке возникли не сейчас, а задолго до нас. Как же интересно!!

    RépondreSupprimer
  3. Как приятно, что люди помнят, что возрождают, что болеют за свою страну, за свою Родину. Многих сил этой чудесной женщине в её непростом деле. Пусть удача сопутствует ей.
    У меня среди предков преобладают чуваши. так вот, у них тоже очень интересные орнаменты и я даже книжку купила по их расшифровке. Очень интересно. Можно выразить свои желания, свои заветные мечты в узоре и вышить его.

    RépondreSupprimer
  4. Жана, вялiкi дзякуй за такi пост. Я даýно планую стварыць лiнiю вышываных сувенiраý з беларускiмi арнаментамi. Колькi гадзiн я правяла ý Iнтэрнэце ý пошуках схем цi, хоць напрамкаý дзе iх шукаць!!! Чытала i пра гераiню твайго поста, але на яе сайт зайсцi не змагла - быý блакiраваны. Прыкра, што ý "павуцiне" ёсць шмат рускiх, украiнскiх i iншых нацыянальных узораý, а вось нашых - амаль няма. Знайша адметную, на мой погляд, кнiгу: В.Лабачэýская, З.Зiмiна "Белорусский народный костюм: крой, вышивка и декоративные швы" - добра пададзена iнфармацыя, шмат схем. Акрамя гэтай, знайшла толькi старэнькую кнiгу М.С.Кацара "Беларускi арнамент. Вышыýка. Ткацтва" - хоць штосьцi... Вельмi хочацца, каб нашы суайчыннiкi не страцiлi тое, што продкi стварылi i захавалi для нас.

    RépondreSupprimer
  5. Внутри что-то колыхнулось...бабушка вспомнилась. Может не всё утеряно? Может если хорошо поскребём, то и испечём наш белорусский клубок-колобок?

    RépondreSupprimer
  6. Beaucoup de très jolis travaux sur cet étal !
    Bonne semaine.
    Anna

    RépondreSupprimer
  7. Закранула за жывое проста! Вялікі дзякуй!
    Таксама даўно хацела вышываць нацыянальныя ўзоры, але ж усё рукі не даходзілі, зараз ужо няма моцы чакаць больш, за гэта дзякуй гэтаму пасту!

    RépondreSupprimer
  8. Я з такім захапленне чытала, перачытывала... Мяне кранула за жывое, нешта ўскалыхнула... Якая моцная жанчына! Якую вялікую і такую патрэбную для Беларусі працу яна праводзіць так далёка ад Радзімы, а мы тут, блізка, і так слабы ў сваіх жаданнях.... Жана, дзякую за пост, ён мяне натхніў і надаў упэўненасці ў сваіх сілах і натхненнях!!!

    RépondreSupprimer
  9. З вялiкiм задавальненнем прачытала пост! А маленькi нацыянальны матыўчык, якi вышываю на пашпарт замежнай сяброўцы, набыў зусiм iншы, глыбокi, сэнс

    RépondreSupprimer
  10. Вельмi прыемна чытаць родную мову!!! Запрашаю за наградай))) http://44upa.blogspot.com/

    RépondreSupprimer
  11. Дзяўчаты, Ірына перадае наступныя спасылкі на свой новы сайт (ён пакуль што адладжваецца, не ўсе радзвелы працуюць6 www.ivarabei.wix.com/spiritofbelarus, а таксама старонку на фэйсбуку (туды можна трапіць і без уласнага акаўнту) www.facebook.com/SoB.designs. Маю спадзеў, што яе "Трэці шлях" надрукуе "Літаратура і мастацтва". Наклад у газеты невялікі, але геаграфія ўсебеларуская.

    RépondreSupprimer