mardi 28 août 2012

Карабец / Вoîte

Медзьвядкі дызайнера Maria Diaz з часопіса "Вышиваю крестиком" паўсталі на сынаву замову. Колеры мядзьведзькавых футраў я старанна падбірала пад кравецкія дадаткі ягонага пакою... каб крыху спагадзя вырашыць: сцянною аздобаю ім не быць. Мінула колькі часу  - адшукалася тканіна пад медзьвядкоў  і  майстар-клас Таццяны ("Вечерние посиделки") пра карабец.


"А, карабец, - мовіў сын, - давай, шый і мне таксама!"  Не ўяўляю, якія скарбы сын збіраецца ў ім захоўваць, капмутарнае жалеззе альбо шкарпэткі, але медзьвядкі ўжо пры справе. І гэта - галоўнае.

mercredi 22 août 2012

Для сабак / Pour les chiens

Штораніцы за каваю я выслухваю сабачыя і кашэчыя гісторыі, бо мая сястра дапамагае валанцёрам, якія ратуюць катоў і сабак: збіраюць па вуліцах, мыюць, лекуюць, аддаюць у добрыя рукі. Каб рукі дабрэлі і жывёліна падабалася, псіхолаг параіў даць спажыву чалавечым вачам. На гэта нейкая рукадзельніца паабяцала зрабіць для жывёл  аздобы - хатнія, утульныя...


Пакуль яна занятая, я з рэштак бавоўны хуценька звязала колькі аброжкаў, а для здымкі на ролю жывёліны з прытулку ўзяла таксу Бусю, нашага хатняга ўлюбёнца і пястунчыка. Па-беларуску граматычны род сабакі  - мужчынскі, таму нікога не здзіўляе, што Буся, як ўзорны сямейнік, адгукаецца і на Бусліка


Для аброжкаў скарыстаныя металічныя спражкі і блочкі. Шадэлкі №№ 3,5; 3; 2,5. Бавоўна нямецкая і турэцкая.

Як паставіліся да маёй самадзейнасці валанцёры, я пакуль не ведаю. Затое ведаю,  што ў мінскіх прытулках  СУПЕРКОТ и СУПЕРПЁС жывуць выхаваныя, чысцюткія і здаровыя жывёлы. Давайце дапаможам будучым гаспадарам УБАЧЫЦЬ, што яны - не заразныя бяздомнікі-валацугі, а ўлюбёныя і дагледжаныя сябры. А сябры  вельмі хочуць у сям'ю...

vendredi 17 août 2012

Дзіркі ў тканіне / Les trous dans le tissu

Я доўга заглядалася на так званыя блочкі - аблямаваныя металам адтуліны. Аж пакуль   прыстасовы для іх ўтварэння не трапілі да мяне ў рукі. Натуральна, проста псаваць тканіну не выпадала, таму з'явіліся торбачкі-мяшэчкі з рэштак тканіны і з куплёнымі карункамі.


Дыяметр маіх адтулінак - 4 мм. Нават самая дробная ангельская булавачка ў іх не залезла і таму шнуркі давялося ўцягваць іголкай.


dimanche 12 août 2012

Як бабуля / Comme ma grand-mère

Гафт і карункавая аблямоўка шадэлкам - найпростыя. Тэма - нібыта марская. Жаданне - каб было як  у бабці. Было...


Настрою вымагае лён у драбнюткія бела-зялёныя краткі.  З яго калісьці  былі ўтвораны калядныя (!) аздобы для пакою, але спадабалася настолькі, што з'явіўся наступны варыянт  - летнія фіранкі ды абрус, а  белая сурвэтка - як прыемны дадатак. Таксама з лёну.

Лён я люблю прагавіта й неспатольна...

mercredi 1 août 2012

Падарунак / Саdeau

Густы ў мяне... зімовыя. Улюбёная часіна - адвентовая й калядная. Калі гаворка зайшла пра падарунак, Ксенія (блог "Рукодельные страсти") так шчыра і напісала, што неяк дзіўна пасля Калядаў рабіць падарунак на Каляды... і зрабіла! Вокладку на штодзённік (дыярыуш)  - проста з маёй выявай на дзядулевых арэлях, адмысловы футарал для шадэлкаў, сэрцайка для іголак, лялечку, званочак і нават мёд уласнага збору!

Здымак зроблены на варэннай, дзе адчынялі пасылку - пад колер званочка /
Снимок сделан на кухне, где открывали посылку  - под цвет бубенчика